КАРА́КУЛЬСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

парода грубашэрсных, тлустахвостых авечак смушкавага кірунку. Выведзена ў старажытнасці ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найлепшая сярод смушкавых парод. Асн. прадукцыя — каракульскія смушкі. Гадуюць у Іране, Афганістане, краінах Паўд.-Зах. Афрыкі, у сярэднеазіяцкіх краінах, на Украіне, у Малдове.

У авечак галава паўгарбаносая, тулава глыбокае, хвост доўгі, з адкладаннямі тлушчу рознай формы. Бараны пераважна рагатыя, авечкі бязрогія. Жывая маса бараноў 70—80 кг, матак 45—50 кг. Масць у маладым узросце чорная (у 80% авечак), шэрая, карычневая, каляровых адценняў. Шэрснае покрыва нованароджаных ягнят складаецца пераважна з валькаватых і бобападобных завіткоў, якія ствараюць прыгожы малюнак. Воўна дарослых авечак ідзе на выраб лямцу і дываноў.

Баран каракульскай пароды.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)